ВЯЧКА ЯК ЁН ЁСЬЦЬ
Вячка Красулін — музыка, паэт, вандроўнік і чалавек, які, здаецца, увесь час кудысьці сьпяшаецца. Ён выступае, запісваецца, рэпэтуе, працуе на будоўлі, рэстаўруе арганы, піша вершы ў барах да сьвітанку і часам трапляе ў гісторыі, якія цяжка прыдумаць на цьвярозую галаву. Усё гэта — розныя бакі аднаго чалавека, які ня надта імкнецца быць зручным і прадказальным.
ПРАЗЬ НІШТО Ў НІКУДЫ
У зборніку — тэксты, напісаныя з 2008 па 2025 год. Песьні для музычнага праекту «Кашлаты Вох» і вершы, што нараджаліся ў менскім мэтро, віленскіх барах, кватэрах, на прыродзе, у розных краінах і розных станах сьвядомасьці. Тут абсурд суседнічае з пяшчотай, чорны гумар — з самотай, а сьмерць, каханьне, алькаголь і штодзённае жыцьцё зьмешваюцца ў адзін дзіўны шлях празь нішто ў нікуды.
ПЕКЛА АЎТАРА
«Тут кожная літара — не з-пад палкі, гэта маё», — кажа Вячка. Ён дазваляе сабе быць розным і не спрабуе ператварыць уласныя тэксты ў прыстойную «літаратуру». У гэтай кнізе ён ня хлусіць і не гуляецца, а шчыра кідаецца літарамі — часам сьмешнымі, часам брыдкімі, часам балючымі, але заўсёды сваімі.
ЛАВІ!
Мяккая вокладка, 80 старонак. ISBN 9781291610680
Электронны фармат: EPUB. ISBN 9781291555103
2026 © RozUM media
